Падтрымаць нас

«Калі я быў маленькі, дзядька мяне ўкалыхваў пад Rammstein»

Інтэрв’ю і фотасесія SAMOTA

«Я ўсё жыццё слухаў цяжкую музыку»

Цяпер гітара для мяне – частка цела.

Інтэрв’ю – Samota – 30 верасня 2025

21-гадовы Даня SAMOTA ўварваўся ў беларускую музыку ў пачатку 2025 года.

Спачатку з ролікамі пра тое, як бы гучалі беларускія артысты/кі ў іншых стылях, а пасля – са сваім дэбютным трэкам «Не бачу сноў». Парню пачалі рэспектаваць Palina і NAVIBAND, а Лайтовы і Mandzik прапанавалі паехаць з імі ў тур па Польшчы. КЛІК пагутарыў з артыстам пра жыццё ў Празе, металкорным бэкграўндзе і даведаўся, як песня Palina паўплывала на яго творчасць.

— Раскажы пра сябе. Як ты апынуўся ў Празе?

— Я заўсёды хацеў паехаць вучыцца за мяжу. Калі я сканчваў школу, многія паступалі ў Польшчу. У цэлым, нармальным было пытанне «куды ты едзеш?». У мяне ж сябар паступіў у Чэхію, і я вырашыў пайсці ягонымі слядамі. У 2018 годзе пачаў узмацнена вучыць чэшскую мову, налягаць на матэматыку і ў 2020 годзе паступіў у Чэшскі тэхнічны ўніверсітэт у Празе. Там я вучуся на software-інжынера і паралельна працую па спецыяльнасці.

Чэхія мне вельмі падабаецца. Я быў у многіх еўрапейскіх гарадах, але Прага стала мне роднай. Тут адчуваецца вайб меланхоліі. Калі яго прачуеш, то горад адразу ж западае ў сэрца. У плане тусавак, асабліва беларускіх, Прага – вялікая вёска. Усе тусоўкі і рух зараз знаходзяцца ў Польшчы. І мне падабаецца туды ездзіць, але пераязджаць – не, не маё.

— Як ты прыйшоў у музыку?

— Я ўсё жыццё слухаў цяжкую музыку: металкор, дэткор, постхардкор, усе гэтыя жанры. Калі я быў маленькі, дзядька мяне ўкалыхваў пад Rammstein. Плюс, у мяне ёсць старэйшы брат, у якога была гітара, і ён пастаянна даваў мне пайграць на ёй. Мне было літаральна 4 гады, калі я пачаў нешта тыкаць і спрабаваць зрабіць з гэтым інструментам. Цяпер гітара для мяне – частка цела. Я не супер тэхнічны, але сыграць магу ўсё, што заўгодна, акрамя свіпаў.

У 10 гадоў я ўжо прыдумляў песні і запісваў іх на дыктафон. Пасля адкрыў для сябе Guitar Pro 5, і пачалося. Я пісаў там песні, паказваў іх сябрам, а яны казалі «ты чаго, дэбіл, што гэта за фігня». Дарэчы, сэмплы з Guitar Pro 5 у сваіх песнях выкарыстоўвала Пошлая Молли.

У 13 гадоў разам з сябрамі мы стварылі металкор-гурт з пафаснай назвай Behind The People. Вырашылі, што мы новыя «брынгі» (Bring Me The Horizon) і сталі штодзённа рэпеціраваць. Мы нават сыгралі адзін канцэрт у Brugge.

У 14 гадоў я адкрыў для сябе Bones. Ён проста ўзарваў мой мозг. У мяне здарыўся дысананс. Для мяне гэта былі несумяшчальныя рэчы, калі чувак робіць рэп і пры гэтым скрыміць. Я не мог прызнаць, што мне падабаецца іншая музыка, акрамя цяжкай. У выніку я начамі слухаў Bones, а ўсім казаў, што гэта фігня.

Пасля я пачаў захапляцца электронікай, стаў пісаць біты. За музыкай мог сядзець да 6-7 раніцы. Потым здарылася паступленне, пераезд і было ўжо не да музыкі, я год ёй не займаўся.

— Як атрымаўся Samota?

— Назва нарадзілася з «Беларускай песні» Palina і Intelligency. Да праекта я падышоў праз свой гурт Loveletting, які мы сабралі ў Празе з экс-удзельнікамі Marina і 20tokens. Для мяне гэта было адкрыццё, што можна запісваць дэмкі, і яны не паляцяць у стол. Мы пачалі здымаць тыктокі, яны завірусіліся, і цяпер у самага папулярнага трэка дзесьці пад 300 тысяч праслухоўванняў.

Праз год я сяджу і думаю, што трэба рабіць нешта сваё. Па фану накідваю дэмку. Першапачаткова мова была не важная. Адзіная ўмова – дакладна не англійская, на ёй мы робім музыку ў гурце. Для мяне музыка – зусім іншая прастора. У жыцці я часта размаўляю па-беларуску. У музыцы ж для мяне заўсёды было важна, каб усё працавала ў адной сувязцы. Гэта цяпер я сябе перавучаю на тое, што важныя тэксты, падача.

— Цяжка было пачынаць сольны праект?

— Я вельмі баяўся. Бо калі ты пачынаеш нечым займацца, нешта ствараць, да цябе з’яўляецца куча ўвагі. Нават сябры пачынаюць па-іншаму ставіцца. Але я паступіў як заўсёды, калі баюся рашыцца: заплюшчыў вочы, адключыў мозг і зрабіў крок наперад. Пасля разумееш, наколькі лёгка гэта было зрабіць. Як толькі я рашыўся на гэты крок, то адразу адчуў вялікі прыток дафаміну.

— Хто паўплываў на тваё гучанне?

— Больш за ўсё, напэўна, 2holis. Абажаю яго. Таксама моцна паўплываў саўндклаўд-рэп. Я разумею, што гэта цяжка слухаць. Але гэта як быццам новая галіна панк-гуку. Яна дакладна вырасце ў нешта новае.

— Пасля першых ролікаў ты атрымаў шмат падтрымкі. Хто з вядомых артыстаў/ак цябе падсапортаваў?

— Маімі ролікамі дзяліліся Nürnberg і NAVIBAND. Апошнія знялі два тыктокі пад мой рэмікс на іхнюю песню. Памятаю, іду сабе па ўніку, заходжу ў тыкток і бачу, што NAVIBAND згадалі мяне ў сваім посце, дзе яны танчаць на ложку пад мой гук. Усё гэта выглядала як сон пры тэмпературы 38 градусаў.

Таксама Palina зацаніла мой рэмікс на яе песню і падпісалася на мяне. Трэба было бачыць, з якім тварам я сядзеў, калі гэта адбылося.

— Як ты ствараеш музыку?

— У мяне ёсць зумерскі падыход, калі ўсё робіш хутка і хаатычна. Я ніколі не пішу музыку гвалтоўна. У мяне няма праблемы чыстага аркуша. Бывае такое, што я перад сном гартаю тыкток, чую мелодыю і ўсё – трэк гатовы. Ускокваю з ложка, адкрываю комп і пішу самую крутую сваю рэч.

Стварэнне музыкі заўсёды пачынаецца з біта. Магу злавіць вайб, патыкаць нешта і гэта ўсё адбываецца вельмі хаатычна. Разумею людзей, якія не могуць са мной працаваць. Я не камандны гулец, у мяне беспарадак у праектах. Усю музыку я пішу ў FL Studio. Хацелася б перайсці на Ableton, але гэта старая звычка, ад якой цяжка адмовіцца. Асабліва, калі ты ведаеш там усё на памяць.

— Ці сачыў ты за беларускай музыкай да стварэння Samota?

— Павярхоўна, скажам так. Мне вельмі падабаецца Palina, Nürnberg. Вельмі люблю Akute і абажаю Nizkiz. Nochy класныя. Вакол беларускамоўнай музыкі склаліся свае стэрэатыпы. І калі ты робіш «зумерскую фігню» па-беларуску, то людзям альбо падабаецца, альбо цябе ненавідзяць, таму што ты робіш не па канонах. Як толькі я пачаў рабіць Samota, я даведаўся пра сотні крутых хлопцаў.

— Як ты закалабіўся з хлопцамі з Ёў Lab?

— На мяне падпісаўся Лёха Лайтовы. Пасля гэтага Mandzik. У нейкі момант мне піша Лёха з рэспектамі і запрашае далучыцца да тура па Польшчы. У мяне проста ўзарвалася галава. Ну не можа такое быць, што ўчора чалавек стварыў праект, а сёння яго клічуць у тур. Я ў выніку перасунуў усе свае планы і рвануў на канцэрт у Кракаў.

Пасля канцэрту Лёха падарыў мне майку Ёў Lab, і я быў проста ў шоку ад такой колькасці ўвагі і любові. З Mandzik я пазнаёміўся там жа, пасля мы стрымілі аднойчы. Цяпер ён нам узяў і арганізаваў тур па Польшчы з Navalach. Я не ведаю, адкуль у яго столькі энергіі. Гэта вельмі зараджаныя хлопцы.

— Ты прайшоў у фінал конкурсу «ВЫКЛІК». Падзяліся ўражаннямі.

— Мне вельмі спадабаўся пераможца Domsun. Я ішоў на конкурс без якіх-небудзь чаканняў. Трэба было бачыць, у якім стане і ў колькі мы здымалі сніпет. У цэлым было вельмі шмат класных хлопцаў і лічу, што ў Domsun заслужаная перамога. Калі на стрыме «Першага лакальнага» маю музыку назвалі «фігнёй для зумераў» і пачалі ставіць адзінкі, мяне гэта вельмі раззлавала. Потым я супакоіўся. Зразумела, што мая музыка не ўсім падабаецца, але каб ставіць прама адзінкі. Зразумеў, што дакладна не ў гэты раз.

Бліц

— Чаго табе не хапае ў беларускай музыцы?
— Эксперыментаў і ў цэлым колькасці. Хачу яе бачыць больш.

— Тры самых крутых беларускія артысты/кі, гурты?
— Nizkiz, Palina і Anastasia Rydlevskaya.

— З кім хацеў бы фітануць?
— З усімі, хто ў гэтым зацікаўлены.

— Канцэрт у «Re:Public» ці тур па Еўропе?
— Тур па Еўропе.

— Кім ты сябе бачыш праз пяць гадоў?
— Значным артыстам, які запісаў пару годных альбомаў.