Падтрымаць нас

«Domsun — гэта хрысціянскі брэйкбіт»

Інтэрв'ю і фотасесія Domsun

«Я адпусціў вялікія чаканні, але музыка ідзе са мной паралельна»

Я адчуваю сваё развіццё ў музыцы, яна дапамагае мне прапрацоўваць нейкія ўнутраныя пытанні.

Інтэрв’ю - Domsun - 30 лістапада 2025

Крыху перадгісторыі. У жніўні наша рэдакцыя запусціла конкурс для беларускіх музыкантаў/к ВЫКЛІК. Мы атрымалі больш за сотню заявак, правялі некалькі этапаў адбору, сабралі ацэнкі ад незалежных журы, лічылі балы і, нарэшце, знайшлі пераможца.

Галоўны прыз узяў Барыс Domsun – вельмі яркі, адкрыты і таленавіты хлопец-электроншчык. Мы размаўлялі дзве гадзіны, за якія музыкант расказаў пра сябе, сваю музыку, хобі і вопыт удзелу ў ВЫКЛІК. А яшчэ амаль пераканаў заняцца танцамі, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Бонусам даведаецеся меркаванне Улада Фраймана – прадзюсара, які дапамог дапрацаваць трэк з заяўкі.

К: Раскажы пра сябе. Дзе жывеш, чым дыхаеш?

Б: Я нарадзіўся ў Мінску, цяпер жыву ў Познані, Польшча. Пераехаў больш за 4 гады таму. Працую рэпетытарам па англійскай мове. Я заўсёды цікавіўся музыкай, спрабаваў розныя жанры. Цяпер, дарэчы, таксама раблю саўнд-дызайн на замову.

Калі я толькі пераехаў, захапіўся танцамі. Так што цяпер я яшчэ і кантэмпшчык, хіп-хопер і танцор хаўс. І хоць я і пачаў займацца даволі позна – у 28 гадоў – падсеў на гэтую іголку і цяпер усім раю. Таксама я спяваю ў хоры.

З нядаўняга часу ў маім жыцці ёсць мадэлінг. У гэтай сферы ў мяне ўсё развівалася вельмі хутка. За тыдзень літаральна здарыўся скачок ад «я пра гэта нават не задумваўся» да «кантракт, здымкі, ганарар».

К: А як ты трапіў у мадэлінг?

Б: Менеджарка мадэльнага агенцтва неяк звязалася з маёй дзяўчынай. Прапанавала нам падавацца на парныя кастынгі. На наступны ж дзень адкрыўся кастынг – для рэкламы шукалі хлопца, які ўмее танцаваць. Па тыпажы я цалкам падыходзіў, таму вырашыў паспрабаваць. Я адразу прайшоў у другі тур, а ўжо праз дзень мне патэлефанавалі і сказалі, што я ўзяў галоўную ролю. І вось я ўжо ў Варшаве на пробах, танцую на стале, а вакол здымачная група. Доўга не мог паверыць, што ўсё гэта рэальна адбываецца – у прамежках нават не было часу сесці і пераварыць усё.

К: Плануеш далей развівацца ў гэтым кірунку?

Б: Цяжка сказаць. Мадэлінг – штука нясталая. Сёння здымкі ёсць, заўтра іх няма. Немагчыма прадбачыць канкурэнцыю. Пасля першай здымкі я яшчэ не праходзіў далей другога туру кастынгу...

К: Музыка, хор, танцы, мадэлінг… Колькі гадзін у тваіх сутках і як ты ўсё паспяваеш?

Б: Гэта ўсё дзякуючы працы. Выкладчыкі англійскай не працуюць 8 гадзін. Гэта анрыал. У мяне выходзіць максімум 4 гадзіны працы на дзень. А хобі я ў асноўным чаргую.

К: Раскажы пра сваю працу. Хто ў асноўным прыходзіць вучыцца?

Б: У асноўным да мяне прыходзяць рускамоўныя вучні па сарафаннаму радыё. Але было і некалькі палякаў. Калі я пераехаў у Польшчу, я ўжо нейкі час выкладаў. Таму частка кліентаў з Беларусі засталася са мной.

К: Пытанне пра мову. Як ты ставішся да славянскага акцэнту ў песнях на англійскай?

Б: Людзі з СНД любяць саміх сябе прысаромліваць за што заўгодна. Акцэнт проста паказвае, адкуль ты. У музыцы мяне ён не бянтэжыць. На ўроках я вучняў, вядома, магу папраўляць. Сам жа проста для прыколу вырашыў падхапіць брытанскі акцэнт і лічу, што да выкладчыка з добрым вымаўленнем болей даверу.

К: Як у тваім жыцці з'явілася музыка?

Б: У маёй сям'і была дача ў Сябрах. Гэта такое садовае таварыства пад Мінскам. Па сутнасці, гэта культурны хаб, таму што раней там давалі дачы ўсялякім заслужаным артыстам – танцорам, мастакам савецкіх часоў. Там было поўна смяшынак: заўсёды было смешна сустрэць нейкага п'янага саракагадовага балеруна, які рана выйшаў на пенсію і жыве сваё лепшае жыццё.

У мяне там быў сябар – сын мастачкі. А мая сям'я наогул ніяк не звязана з мастацтвам – проста купілі там дачу. І якраз гэты сябар і натхніў мяне паспрабаваць патрэнькаць на гітары. Ён спяваў песні, іграў – дзяўчатам падабалася. Вось я і пачаў вучыцца.

К: А як вучыўся? На чым увогуле іграеш?

Б: Самастойна. У музычную школу не хадзіў. Спачатку была гітара, потым я адкрыў для сябе электронную музыку. У Польшчы ўжо пачаў вучыцца спяваць, іграць на барабанах. Наогул, па крыху ўсяго. Праз шмат гадоў працы ў праграмах для стварэння музыкі ў мяне ёсць добрае разуменне рытмаў.

Калі вучыўся іграць на гітары, купіў сабе дылэй-педальку з люперам. Я спачатку люпіў акорды, потым падбіраў да яго нейкі матыў, бубніў сабе пад нос тэкст. Гэты люпер, які ўвогуле па сутнасці проста дадатковая функцыя, адкрыў ува мне нейкую чакру.

К: Што для цябе музыка на дадзены момант – проста хобі ці бачыш у ёй патэнцыял?

Б: Я адпусціў вялікія чаканні, але музыка ідзе са мной паралельна. Я адчуваю сваё развіццё ў музыцы, яна дапамагае мне прапрацоўваць нейкія ўнутраныя пытанні. Але ці хачу я займацца толькі музыкай? Не.

Сталеючы, я зразумеў, што ў свеце ёсць столькі цікавых рэчаў – па-дурному рабіць стаўку на нешта адно. Тым не менш, я працягваю вырошчваць свой музычны праект. Будзе прыемна, калі нешта з яго сапраўды атрымаецца ў будучыні.

Мне падабаецца, што праект Domsun пускае карані ў самыя розныя кірункі. Людзі слухаюць маю музыку, звяртаюцца за дапамогай, напрыклад, у саўнд-прадакшне. Гэта значыць, што для мяне артыст – гэта не проста туры, альбомы і грошы. Гэта ў першую чаргу пра асабісты брэнд, нэтворкінг і цікавыя магчымасці.

К: Якія жанры паўплывалі на твой стыль і густ?

Б: Я не слухаў музыку да 14 гадоў. Праўда, не разумеў, чаму ўсе вакол так цягнуцца да яе. А потым зразумеў. Мне падабалася слухаць рэгі, але пераломным жанрам стаў не ён.

Аднойчы я паслухаў Nightwish (заўв. рэд. фінская сімфанік-метал група), і нешта ўнутры мяне змянілася. Так я нейкі час слухаў толькі рэгі і Nightwish. Пазней мяне сябар падсадзіў на Korn, Limp Bizkit, Lumen і іншых. Потым быў перыяд металу і паджанраў накшталт грайндкору, далей – індзяціна. У мяне нават была цэлая фаза ірландскага фолку. Абажаў гурт Sigur Rós (заўв. рэд. ісландскі пост-рок) – гэта быў сапраўдны гераін. Я такі натхнёны хадзіў, людзі вакол нават злаваліся.

Падрос, пачаў слухаць шмат глітч-музыкі. Яна таксама стала для мяне своеасаблівым адкрыццём. Музычныя эксперыменты завяршыліся індзі-электронікай. Мой альбом «Accidents» якраз запісаны пад уплывам гэтага жанру.

У рэшце рэшт перайшоў на эмбіент. Гэта такі фінальны бос. Калі садзішся на эмбіент, табе ўжо няма чаго шукаць – ты прыйшоў да прастаты. «Мне, калі ласка, два акорды на пяць хвілін».

Цяпер, напэўна, з-за заняткаў вакалам, мяне зноў цягне дадаваць болей вакалу ў музыку. Хочацца дзесьці рэп пачытаць, даць руху крыху. Ды і мая музыка стала агрэсіўнейшай – такі брэйкбіт з ухілам у Prodigy.

К: А што думаеш наконт поп-музыкі?

Б: Толькі добрае. Я з задавальненнем слухаў новы альбом Rosalía, Taylor Swift, Sabrina Carpenter. У мяне ж прафдэфармацыя – я ацэньваю прадзюсарскую працу. Да таго ж, я заўсёды абараняю гэтых спявачак у сваім коле яшчэ і таму, што яны класныя паэткі. Вось і выходзіць, што круты прадакшн + класныя тэксты з незвычайнымі метафарамі і формамі = добрая музыка.

К: Вернемся да твайго праекта. Што азначае псеўданім Domsun?

Б: Усё вельмі проста. Усе словы ўжо разабралі, таму калі я пачаў думаць над назвай праекта, я вырашыў камбінаваць словы і мовы. Усё ж такі, англійская заўсёды ішла побач са мной. Вось я сяджу і думаю: якія словы выклікаюць у мяне эмацыйны водгук? Мама? Сонца? Бог?

Так я дайшоў да слова «дом», пераклаў «сонца» на англійскую і атрымаўся Domsun. Значэнне я ўжо потым дакруціў – сонца ў доме як сімвал дабрабыту.

К: А ты рэлігійны?

Б: Мы з сябрамі смяёмся, што Domsun – гэта хрысціянскі брэйкбіт. Так выйшла, што амаль у кожнай трэцяй песні ёсць слова «Бог», а на будучым альбоме, мне здаецца, амаль у кожнай будзе.

Пры гэтым я атэіст. Але я абажаю госпелы і блюзавыя сэмплы – яны ўвесь час спяваюць пра бога. Наогул, адзін з маіх любімых музыкантаў – Нік Кейв – ён вельмі рэлігійны. Люблю яго кнігі і тое, як ён без навязвання расказвае пра рэлігію.

К: Ці былі ў цябе праекты да Domsun? Як іх прасоўваў?

Б: Так. Першы электронны праект рабілі з сябрам – ён быў скіловым спецыялістам, але праца ў нас ішла вельмі павольна. Другі праект – індзі-гурт, які мы сабралі з кампаніяй па маіх старых дэмках. Прома практычна не было. Былі сябры і спробы рабіць пасты ў сацсетках. Надзвычай неэфектыўна.

К: А ці было прасоўванне праекта Domsun?

Б: Тут ужо лепш. Дзесьці нешта зняў, выклаў. Усё роўна я адчуваў шмат напружання ў сацыяльных сетках і мне вельмі цяжка давалася іх вядзенне. На дадзены момант мы пачалі гэта рабіць з маёй сяброўкай на камерцыйнай аснове. Якраз спачатку быў ВЫКЛІК, зімой плануецца альбом – усё супала як трэба. Конкурс даў магчымасць убачыць, як па-добраму робіцца прома.

К: Пагаворым пра ВЫКЛІК. Як даведаўся пра конкурс, чаму вырашыў удзельнічаць?

Б: Даведаўся пра конкурс з інстаграма. Вырашыў удзельнічаць па адной простай прычыне – самому нешта рабіць цяжка. А калі ёсць нейкія магчымасці атрымаць дапамогу – адразу з'яўляецца матывацыя. Мне наогул шанцуе на такія рэчы. Вось цяпер я слухаю пытанні інтэрв'ю праз калонкі-маніторы, якія я таксама выйграў у конкурсе рэміксаў на трэк.

К: А як ацэньваў свае шанцы на перамогу?

Б: Я дакладна ведаў, што буду ў шортлісце. Меркаваў, што трапіў нават у пяцёрку. Але пра перамогу не думаў, хоць сябры сцвярджалі адваротнае. На тое яны і сябры :)

К: Як з'явілася песня з заяўкі?

Б: Гэта была амаль завершаная песня на той момант. Нарадзілася яна выпадкова – я знайшоў класны сэмпл брэйкбіту, наваліў на яго акорды, якія прымушаюць цябе адчуваць так, нібы ты стаіш на вяршыні гары і твой халат развіваецца на ветры. Потым я пакрычаў у гэты трэк – ды і ўсё. Прыкольна, што ён на міксе моў. Думаю, гэта таксама адыграла ролю ў перамозе. Мне заўсёды падабалася эксперыментаваць, вырашыў вось упершыню паспрабаваць зрабіць трэк на беларускай.

К: Як табе вопыт напісання трэка на беларускай?

Б: Гэта быў вяртанне да каранёў. Наогул я чаму трэкі на англійскай пачаў пісаць – крынжаваў ад уласных тэкстаў на рускай. Як мы казалі пра акцэнты, ёсць у нас, людзях з СНД, нейкая велізарная колькасць крынжу па самых розных рэчах. Я б назваў гэта калектыўным несвядомым сорамам наконт усяго.

Наконт беларускай: яна абуджаецца і пастаянна мільгае ў маім медыяфоне. Натуральна, я таксама гэта захоплю і з'яўляецца жаданне стаць далучаным.

К: А як прыдумаў візуал для заяўкі?

Б: У тэксце пяецца «Run, boy», і як быццам мяркуецца, што і ў відэа трэба кудысьці бегчы. А потым прыйшла ў галаву ідэя з праектарам. Мы пайшлі ў беларускі бар «Мы» ў Познані, узялі іх праектар і замуцілі гэты візуал.

Там калі прыгледзецца, у мяне на кашулі бяжыць чувак. Гэты чувак – гэта я. Гэта насамрэч кліп аднаго з маіх старых праектаў, пра якія я казаў раней.

К: Што адчуў, даведаўшыся, што перамог?

Б: Узрадаваўся. Я добра ацэньваў свае шанцы, але элемент нечаканасці ўсё роўна прысутнічаў.

К: Як праходзіла праца над трэкам з Уладам Фрайманам? (заўв. рэд. беларускі прадзюсар)

Б: Улад рабіў прамыя эфіры, на якіх дапрацоўваў мой трэк з мастацкага пункту гледжання і зводзіў яго. У мяне былі свае ідэі, Улад дапамагаў іх рэалізаваць. Гэта наогул вельмі крута, што я змог паглядзець на свой трэк з іншага боку. Цяжка аб'ектыўна ацаніць сваю працу, а калі яе каментуе чалавек знаючы, сапраўды становіцца відавочна, дзе былі слабыя месцы. Наогул, я вельмі задаволены гэтай калабарацыяй.

К: А ці былі цікавыя/смешныя моманты падчас працы?

Б: Канкрэтных сітуацый не назаву. Мне проста спадабаўся сам Улад як чалавек – бывала, выдаваў смешныя фразы на стрыме. Ёсць у ім нейкая інтравертная харызма.

К: А калі трэк з'явіцца на пляцоўках?

Б: Бліжэй да лютага, але без падрабязнасцей.

Улад Фрайман

Мы таксама звярнуліся да Улада Фраймана за зваротнай сувяззю па працы і конкурсе ў цэлым:

«Для мяне гэта быў асаблівы праект. Працаваць з такім артыстам, як Барыс, і з такім нестандартным матэрыялам – вялікая радасць. Мая задача была не перарабіць трэк, а раскрыць задуму Барыса ярчэй і магутней. Мы правялі некалькі стрым-сесій, дзе я ў прамым эфіры дадаваў новыя партыі, працаваў над аранжыроўкай і наглядна паказваў розніцу «да» і «пасля». Самая галоўная ўзнагарода – рэакцыя артыста. Барыс быў у захапленні, а для мяне гэта ключавы паказчык поспеху. Я перакананы, што праца прадзюсара – гэта чуць артыста і дапамагаць яму рэалізаваць яго ідэю на 100%, асабліва калі не хапае тэхнічнага вопыту. Такія ініцыятывы, як ВЫКЛІК, – гэта цудоўна. Яны наглядна паказваюць каштоўнасць якаснага прадакшну. Бо сёння, каб данесці ўсе эмоцыі да патрабавальнага слухача, трэк павінен гучаць магутна і прафесійна. Кожная нота, кожны ўдар павінны працаваць на агульную эмоцыю. Рады быць часткай гэтага праекта.»

К: Не думаў зрабіць паўнавартасны кліп і неяк развіць ідэю з праектарам з заяўкі?

Б: Сніпета дастаткова. Я не вялікі фанат кліпаў наогул. Цяпер, як мне здаецца, кліпы лакальных артыстаў не збіраюць заслужанай колькасці праглядаў і рэакцый. Як быццам прасцей зрабіць сніпет, патраціць менш сіл і атрымаць той самы выхлап. А то і болей.

К: А як думаеш, чаму так адбываецца?

Б: Думаю, з-за адсутнасці рэсурсаў, брэйн дрэйну, сітуацыі вакол. Індустрыі ў нас няма, таму палова прац зроблена на каленцы. Нават на сапраўды крутых кліпах па 10 тысяч праглядаў. Крыўдна ж.

К: Якія планы на будучыню?

Б: Спачатку выйдзе трэк з ВЫКЛІК, бліжэй да лютага альбом. Пакуль хачу паглядзець, чаму навучуся па выніках працы над трэкам і далей думаць пра жывыя выступленні.

Бліц

Што прыярытэтней: музыка, мадэлінг ці выкладанне?

Гэта розныя рэчы – адно без другога ў маім жыцці не існуе.

Самы прыемны і самы крыўдны каментар, калі-небудзь атрыманы ў твой адрас?

Самы крыўдны быў пад кліпам, дзе я бягу. Нейкі чал напісаў, што тэкст нейкі wacky (заўв. рэд. дурнаваты). На самой справе, з моцным хэйтам я не сутыкаўся. Самы прыемны – калі тата кажа, што ў яго сын таленавіты.

Топ беларускіх артыстаў/к з самымі лепшымі тэкстамі?

Palina і лайтовы.

Галіцынскі ці GrammarWay?

Абодва нафіг.