Падтрымаць нас

«Я звычайны чувак, які ходзіць у краму i ездзіць на траліках»

Інтэрв'ю і фотасесія лайтовы

«Свой першы трэк я напісаў у 14 гадоў»

Мы сабраліся з маім сябрам і зачыталі пад самы тупы біт на свеце.

Інтэрв'ю - лайтовы - Чэрвень 27, 2026

Крыху больш за два месяцы таму Лёха Лайтовы сабраў 400 чалавек на прэзентацыі свайго новага альбома «Пагляд унутр». Альбома, які выйшаў толькі праз два тыдні пасля сваёй прэзентацыі. Каб зрабіць шоў з элементамі тэатра і перформанса, артыст разам з камандай дасылаў КП беларускаму бізнесу і атрымаў столькі данатаў, што прыйшлося плаціць падаткі.

КЛІК паразмаўляў з Лайтовым пра ўнутраную сціпласць, уплыў філасофскай адукацыі на творчасць і даведаўся, у чым артыст падобны з Пазняксам.

Філосаф, валацуга і лінгвіст

– Лайтовы ў звычайным жыцці, хто гэта?

– Зараз я беспрацоўны валацуга. Як кажа большая частка маіх сяброў-музыкантаў, мая асноўная прафесія – гэта музыка. Пры гэтым ёсць рэчы, якімі я на гэтую музыку зарабляю. Апошнія месяцаў восем я працаваў капірайтарам. Восемь гадоў здымаю відэа і фота – скончыў фотаакадэмію.

Цяпер я ў пошуках працы. Можа, інтэрв’ю гэтаму неяк паспрыяе. Я вельмі люблю мовы і адносна свабодна размаўляю па-англійску, па-нямецку і па-польску, таму хацеў бы гэтыя скілы неяк ужыць. А так я звычайны чувак, які ходзіць у краму, ездзіць на траліках. Адзіная адметная цікавостка пра мяне – я ўжо 9 гадоў не ем мяса.

– Чаму ўвогуле Лайтовы?

Лайтовы ў нейкім сэнсе – гэта мем. Я як скейтэр усё жыццё катаўся і меў камеру з аб’ектывам «фішай» (fish-eye), каб здымаць відэа па ўсёй скейт-класіцы. Такіх рабят у тусоўцы было няшмат. І паколькі я быў малы і безадмоўны, маімі бясплатнымі паслугамі шмат хто карыстаўся. У адзін момант мяне гэта проста стаміла. Я выдаліў сваю старую старонку ў ВК з сапраўдным імём і стварыў новую, дзе на рандоме падпісаўся як «Лёха Лайтовы». І гэта прыжылося.

Інтэрв'ю і фотасесія лайтавы Недзе ў ВК да гэтага часу вісіць гэты запіс. На беларускай мове пачаў пісаць праз год, у свае 15. Мой першы беларускамоўны трэк атрымаў назву «Пазітыўны вайб», а яго фінальная версія выйшла ў 2018-м.

Зараз беларуская мова асноўная ў маёй музыцы. Па-руску пісаць не так цікава – тут уключаецца чыста чалавечы фактар. Мне цяжка ўявіць рускамоўную рыфму, якая ніколі яшчэ не была прыдумана да мяне (толькі калі гэта будзе нейкае зусім новае запазычанае слова). А ў беларускай мове усё роўна застаецца адчуванне навізны. Таму я лічу, што беларуская мова дае мне свабоду.

«Я звычайны чувак, які ходзіць у краму, ездзіць на траліках»

лайтовы

– Хто паўплываў на цябе, як на рэп-артыста?

– Мой абсалютны фэйварыт – гэта The Notorious B.I.G. Напэўна, усе песні з яго першага альбома я ведаю на памяць.A Tribe Called Quest і Wu-Tang. Наогул, увесь гэнгста-рэп: ICe Cube, Eazy-E – я жорстка праганяўся па гэтым вайбе. З больш нішавых, але прыкольных калектываў магу назваць Scientists of Sound и Dappie the Conqueror.

Дэлёз, Фуко, будызм і інтравертнасць

– Твой новы альбом «Пагляд унутр» гучыць інтымна і рэфлексійна. Што стала галоўным трыгерам для напісання гэтага матэрыялу?

– Ведаеш, я не магу адзначыць на гэтым шляху нейкі адзін выразны майлстоўн. Мне здаецца, такім паваротным момантам стаў перыяд, калі я ўпершыню моцна паверыў у сябе як у музыку.

З іншага боку, гэта адбывалася праз сур’ёзныя ўнутраныя намаганні. Сам па сабе я вельмі сціплы і няўпэўнены ў сабе чалавек. Паралельна з маім творчым ростам усе гэтыя сумневы таксама набіралі вагу і ўступалі ў супрацьвагу.

Напэўна, самым моцным штуршком стала тое, што я скатаўся ў дастаткова доўгае падарожжа, каб мець магчымасьць разважаць і пісаць, адарваўшыся ад побытавай мітусні. Памятаю, як вярнуўся ў Мінск і адразу напісаў трэк «Паноптыкум». Гэта яшчэ супала з часам, калі я растаўся з дзяўчынай. Было шмат эмоцый, таму асабістыя перажыванні і сацыяльны кантэкст існавалі паралельна.

Праз пару месяцаў пасля «Паноптыкума» я ўсвядоміў, што ў мяне назапасілася значна больш матэрыялу, чым я думаў. І вырашыў: буду збіраць альбом, пакуль ён не складзецца ў адзінае цэлае. У выніку рэліз пісаўся цягам двух гадоў у абсалютна розных станах і кантэкстах.

– Як у табе суіснуюць лёгкая і глыбокая постаці? Якая ў выніку перамагае?

– Я стаўлюся да музыкі перфарматыўна, таму вельмі моцна сачу за тым, што пішу. Напрыклад, трэк «Светлае нефільтраванае» я пісаў як пэўную афірмацыю – пра тое, чаго я насамрэч хачу. І калі рыхтаваў да выпуску «Пагляд унутр», я акурат баяўся, што гэты альбом спрацуе такім жа чынам. Так і адбылося.

Мне здаецца, гэты рэліз вельмі выразна аднавіў маю першасную сціпласць і няўпэўненасць. «Пагляд унутр» перараскрыў для мяне маю ж уласную інтравертнасць, у якой я да гэтага часу знаходжуся. На ўзроўні волі я хацеў бы вярнуцца да вайбу «Лайтовага курса», таму зараз працую над трэцім ЕР. Знаходжуся ў пэўным змаганні гэтых дзвюх частак, і мне падаецца, святло пакуль перамагае.

– Якая спадчына і культурныя коды паўплывалі пры стварэнні альбома?

– Я па адукацыі філосаф, таму на альбом вельмі паўплывала філасофія. Трэк «Паноптыкум» – гэта відавочная адсылка да Мішэля Фуко. Калі я кажу пра волю – гэта ніцшэанскія плыні. Мой любімы філосаф – Жыль Дэлёз. Ён увогуле паўплываў на маю творчасць у плане рашучасці.

Дэлёз сацыяльны канструктывіст, а я чалавек, які лічыць сябе сціплым. Праект «Лайтовы» – як раз музычная інсцэніроўка таго, якім чалавекам я хацеў бы быць.

Плюс, канешне, паўплывала мастацкая літаратура. Асабліва пісьменнік Раман Міхайлаў. Ён нарадзіўся ў Латвіі. Мне вельмі блізкая яго эстэтыка. Дэвід Лінч у плане разумення свету – нумар адзін для мяне. Калі казаць пра беларускую літаратуру і паэзію, то гэта Алесь Разанаў, Ігар Кулікоў, у нейкім сэнсе Андрэй Хадановіч з яго алітэрацыямі.

Што тычыцца калярэлігійных складнікаў – мне не чужа ўзгадваць імя бога. Я яшчэ не да канца прарэфлексаваў гэты момант, але слова «бог» часта праскаквае ў тэкстах. Ну і будызм, вядома: я тарчаў на ім пэўны час. Калі пісаўся трэк «Непраяўлены», Андрэй Курс (бітмейкер) чамусьці працягнуў аўтра трэку на два квадраты. Я думаў, што туды дадаць, і вырашыў уставіць сваю любімую будысцкую мантру.

– Калі б табе трэба было пакінуць з альбома толькі адзін трэк, які цалкам тлумачыць яго сутнасць, што б гэта было?

– Калі менавіта пра сутнасць – тады «Паноптыкум». Але калі казаць пра тое, што мне проста больш за ўсё падабаецца, я б узяў «Неба над Менскам», перарабіў бы яго і пакінуў. Гэта адзіны трэк з альбома, які я магу пераслухоўваць.

– Чаму б перарабіў?

– «Неба над Менскам» – гэта замах на жывы гук, у межах альбома ён гучыць акей, мне падабаецца. Але каб працаваць з жывым інструменталам далей – ёсць што падцягнуць, у тым ліку і вакал.

Падаткі з данатаў і КП для буйнога бізнеса

– Твая прома-кампанія па прэзентацыі альбома і канцэрта была заўважнай і маштабнай. Распавядзі, як вы гэта зрабілі і хто за гэтым стаяў?

– Калі я толькі думаў пра будучы альбом, то дакладна ведаў: хачу прэзентаваць яго асаблівым чынам. Не проста зрабіць канцэрт, а стварыць паўнавартасны перформанс. На гэта мяне падштурхнуў мінулы «Калядны фэст». Гэта быў мой першы вялікі выступ, пад сцэнай сабралася каля 300 чалавек. Я адчуў гэтую энергетыку і пачаў круціць ідэю ў галаве. Потым сустрэўся з арганізатаркай фэсту і спытаў, ці не супраць яна дапамагчы зрабіць нешта маштабнае. Яна пагадзілася і распавяла, што для гэтага трэба. Мы з Вікай – маёй дзяўчынай, якая займаецца менеджментам, – прыкінулі і падумалі, што гэта рэальна. Так пачалася праца.

На старце нам агучылі страшныя грошы, якія нас моцна напужалі. За ўсё выходзіла каля 10 тысяч рублёў. І вось гэтая страшная сума прымусіла нас актыўна шукаць спонсараў і калабарацыі. Мы з Вікай першыя тыдні пісалі літаральна паўсюль, стварылі КП і адпраўлялі яе паўсюль. «А-100», «Гіпа», «Красный пищевик» – карацей, усім. У выніку падтрымаў нас анлайн-гіпермаркет 21vek.by. Пасля падключыўся Red Bull. Я пачаў адчуваць рэальную падтрымку.

Потым адбыўся яшчэ большы цуд. Я вырашыў паспрабаваць сабраць данаты. Нават не буду агучваць суму, якую людзі даслалі за дзень – для мяне гэта нешта неймавернае! З гэтых данатаў я нават падаткі заплаціў, каб не было лішніх пытанняў.

Увесь гэты працэс вельмі паспрыяў веры ў сябе. Хапіла грошай, каб дарабіць усё ў тэрмін. Прычым у выніку першапачатковы кошт, які агучыла арганізатарка, апынуўся ў чатыры разы меншым. Да таго ж падключыліся блізкія па духу праекты: «Самі суполка», «Забі зябу», кавярня Locals, BYN Records, PharmSoundLab, «Холст бай», брэнд LSTR Adziennie, а хлопцы з Jungle Brewery нават адмысловае піва зварылі да рэлізу. У нейкім сэнсе гэты альбом і канцэрт усёй беларускай тусоўкі.

– Чаму для цябе было прынцыпова пайсці менавіта такім шляхам прэзентацыі альбома?

– Для мяне важна было стварыць момант. Я вельмі люблю тэатр і тэму рытуалаў. Самым галоўным было запусціць альбом, даць унікальнае першае жыццё. Стварыць для слухачоў жывы ўваход, пра пропуск якога пасля хацелася б сумаваць. Я разумеў, што пасля выхаду альбома не змагу паўтарыць гэта ў выглядзе нейкага тура. Гэта чыста мастацкі падыход.

«Я ўспрымаю ВЫКЛІК як фестываль»

лайтовы

– Давай пра конкурс «ВЫКЛІК». Ты стаў пераможцам і выйграў кантракт з буйным дыстрыб'ютарам ONErpm. Як ты даведаўся пра гэта і што адчуваў у той момант?

– Я ахуеў, літаральна. Я быў у Познані на канцэрце, падняў слухаўку, і мне сказалі: «Віншую!». Надзя (артыстка, з якой Лайтовы выйграў конкурс) тады таксама была ў Познані, я ёй крычу: «Ідзі сюды хутка!». Тэлефаную Андрэю Курсу, ён спіць. Кажу: «Андруха, мы перамаглі!», а на экране бачна толькі вусы, нос, зубы і яго соннае: «А што?..».

Гэта было вельмі прыемна. Я пакуль не да канца разумею, што нас чакае зараз. Але мы прыйшлі з дэмкай, у якую шчыра паверылі. Андрэй адразу сказаў: «Ёсць біт. Я даслаў яго Максу Каржу, Корж нічога не адказаў». У выніку мы зрабілі заяўку.

– Ці адчуваў ты падчас конкурсу рэальную канкурэнцыю, ці гэта была больш прастора салідарнасці?

– Я пісаў у сваіх сацсетках, што ўспрымаю «ВЫКЛІК» як фестываль. Прычым нават не музычны, а як нейкае EXPO, дзе кожная «кантора» выстаўляе лепшае, што яна змагла зрабіць. У першую чаргу гэта не пра канкурэнцыю, хоць яна і адчувалася. Дый і барацьбой гэта назваць складана, бо вынік залежыць ад трэціх асобаў.

Чаму ў мінулым годзе ты скіпнуў з конкурса і аддаў сваё месца Надзеі? Чым ты кіраваўся ў гэтым рашэнні?

– Было нейкае ўнутранае супярэчча, бо конкурс прапаноўваў стварэнне кантэнту. І я тады быў не зусім згодны з рашэннем рэдакцыі, бо наперад выйшлі артысты з проста неблагімі па якасці заяўкамі.

Мне здаецца, адзіным выключэннем быў наш відос – мы знялі яго ў гаражы з аднаго тэйка на камеру, без ніякай апрацоўкі. Праз гэтае адчуванне несправядлівасці я не захацеў удзельнічаць далей і вырашыў аддаць сваё месца Надзеі. Праўда, потым мне слушна патлумачылі, што па правілах нельга проста так перадаць месца камусьці.

Штосьці тыпу бліцу

– Што для цябе камфорт? Наколькі ён важны пры стварэнні песень?

– Камфорт – гэта вельмі важная катэгорыя ў маім жыцці. Мне прынцыпова важна пісаць у камфорце, хаця б у адносным. Для мяне гэта мажлівасць пабыць сабой без знешняй мітусні. Камфорт звязаны са спакоем, з мажлівасцю выдыхнуць і з халоднай галавой уцяміць, што адбываецца навокал. Лепш за ўсё я мне пішацца ў ваннай. Ванна для мяне – галоўны паказчык камфорту. Калі ёсць час паляжаць, папісаць тэксцік – вось гэта самае то. Ну і сацыяльны камфорт у асяроддзі, канечне, таксама вельмі важны.

– На колькі балаў з 10 табе надакучылі параўнанні з Пазняксам?

– На нуль балаў. Я проста не бачу, у чым нас наогул можна параўноўваць, мы вельмі розныя. Але я люблю Пазнякса. Мне здаецца, ён піша рэп прыкладна з таго ж майндсэта, што і я ў плане лайтовасці. Рэп – асабліва беларускі – гэта звычайна надрыў і пакуты, а Пазнякс заўсёды на чыле. Ён ведае свае заганы і мінусы, смяецца з гэтага і нікому нічога не даказвае. Нават калі б ён не быў беларусам, я б, хучэй за ўсё, усё роўна яго слухаў.

– Як бы ты адным слоўкам ці фразай акрэсліў сучасны стан беларускай музыкі?

– Прыкольна. Ёсць нейкія надзеі на гэты стан. Нешта дакладна адбываецца.

– Тры рэчы, якія робяць цябе шчаслівым?

– Ты ж разумееш, што я філосаф, зараз буду ўзважваць усё ў галаве. Не шкадуеш ты свой час. Няхай гэта будзе любоў у шырокім сэнсе гэтага слова, мастацтва і спакой.