Падтрымаць нас

«Калі да мяне прыходзіць песня, я абавязана яе стварыць і выкласці»

Інтэрв’ю з лідаркай гурта Brama Mora Дар’яй Зуевай

interviewer

:

@ulyaanshh

Дар’я Зуева – заснавальніца Спеўнай Майстэрні і лідарка фольк-гурта Brama Mora. Яе творчасць – адлюстраванне беларускіх традыцый, гісторыі і культурнай спадчыны. У гэтым інтерв’ю КЛІК паразмаўляў з Дар’яй пра яе творчы шлях, тэрапеўтычнасць спеваў і яе погляд на прычыны разпаду гурта Ralla.

– Распавядзі пра сябе. Як прыйшла да музыкі ўвогуле?

Спачатку я спявала ў хоры ў музычнай школе. Пасля я вырашыла, што буду мэнэджарам-культуролагам у кульке і нібыта адыйшла ад музычнай справы. Але прахадзіўшы год ва ўнівер, я зразумела, што без музыкі не магу.

15 гадоў таму мая выкладчыца запрасіла мяне ў GUDA – калектыў, які засяроджаны на захаванні і акапэльным выкананні беларускіх абрадавых і рытуальных песень. Адтуль і пачалося захапленне фальклёрам.

Вакол мяне было шмат таленавітых людзей, але я ў той момант не разумела, наколькі крута гэта было. Думала, так ва ўсіх. Але цяпер я ўзгадваю гэты час як залаты. Атрымалася так, што ўсе гэтыя людзі пастваралі свае калектывы і, па-сутнасці, цяпер гэта база беларускай фольк-тусоўцы.

– Твая творчась і асабіста сацсеткі – гэта традыцыі у чыстым выглядзе. Як прыйшла да беларускай культуры?

Насамрэч у мяне не было, так бы мовіць, «вясковага жыцця», я нарадзілася і жыву ў Мінску, і ўсё гэта адкрывала для сябе наноў, калі патрапіла ў сваю першую этнаграфічную экспедыцыю. Я адчула, што магу абапірацца на нашу культуру, і мне стаў зразумелы далейшы мой шлях. Я стала больш распытваць сваю бабулю, але, на жаль, яна ўжо з 16 год жыла ў Мінску і напела мне толькі адну песню.

– Памятаеш, што гэта была за песня?

Штосьці тыпу «Каля млына, каля млына, расцьвіла каліна». Даволі вядомая па вёсках.

«Мне заўсёды было важна спяваць, але я не разумела ўсю каштоўнасць гэтага»

Дар’я Зуева

– А як ты пашырала свой культурны досвед?

Падчас супрацы з GUDA мы шмат выязжалі за мяжу на вялікія фолк-фестывалі, маштабы якіх мяне вельмі уражвалі, бо ў нас тады такога яшчэ не было.

Асабліва здзівіла мяне стаўленне да фолку. Носьбіты фалклёру, звычайныя мясцовыя калектывы з вёсак, заўжды ў вялікай пашане: да іх прыслухоўваюцца, ад іх навучаюцца, пра іх клапоцяцца. Людзі, звычайныя глядачы, апранаюць традыцыйны строй на фэст і ганарацца тым, хто яны ёсць. І праз гэта адчуванне годнасці я сама пачала больш цікавіцца, пачала шмат слухаць вясковых спеваў, ездзіць па вёсках. Таксама пачала вывучаць беларускую інструментальную музыку, асабліва смыковыя мелодыі, граць у капэлях на танцах.

– Як ты адчувала сябе пасля першых выступаў на фэстах?

Вядома, што на першых выступах я вельмі хвалявалася, адказна рыхтавалася, бо я ўпершыню выступала перад такой вялізнай колькасцю людзей. Асабліва хвалявалася падчас свайго першага сольнага выступу, мне не хапала паветра, падавалася, што голас дрыжыць і я не адчуваю песню.

Мы з GUDA выступалі ў іншых краінах з сольнай праграмай, у тым ліку ў маленькіх клюбах. Пасля канцэрту людзі выходзілі такія натхненыя, рабілі кампліменты майму голасу. А я здзіўлялася, бо ў галаве гучаў голас былой настаўніцы па хору, якая казала, што спевы гэта не маё, і мне лепш заняцца чымсці іншым.

«У меня былі цяжкія стасункі з голасам. Я не адчувала сваей вартасці»

Дар’я Зуева

– Што было пасля Гуды?

Пасля GUDA я стварыла гурт «RUTVICA», у межах яго мы спявалі акапэла каляндарна-абрадавыя песні, а таксама была удзельніцай гурта «MIAREZA»: у ім мы вывучалі памежныя рэгіёны і спявалі беларускія песні памежжа. Тады мне падавалася што фолк-тусоўка даволі закрытая, і таму я стварыла Спеўную Майстэрню, да якой маглі далучацца жанчыны з любым вопытам спявання, галоўнай умовай была любоў і цікаўнасць да традыцыі.

– У чым мэта Спеўнай Майстэрні?

Зараз ужо мэта тэрапеўтычная. У мяне ніхто не скажа: «Ты няправільна спяваеш», «Гэта не да пары». Мы спяваем вясковыя песні па каляндары, танчым, робім песні і танцы актуальнымі і такім чынам яны ажываюць праз нас і для іншых. Таксама мы ездзім у вандроўкі да бабуль і падтрымліваем пераемнасць. Святкуем разам святы, на якія прыязджаем з дзецьмі, і такім чынам падтрымліваем галінку, якая не зламалася на нас, і вельмі спадзяюся, што прарасце далей і расквітнее.

– Як выглядаюць сустрэчы і як далучыцца?

У мяне ёсць тры асноўныя групы. Мы сустракаемся па аўторках, серадах і чацвергах. А яшчэ ёсць часовыя сустрэчы – спевы на чатыры заняткі, дзе мы сустракаемся па нейкай тэме. Пачынаюцца заняткі са жніўня, а скончываюцца ў ліпені.

Яшчэ ў мінулым годзе быў класны праэкт з Алесяй Авантурысты, якая робіць тэматычныя туры па Беларусі. За чатыры заняткі мы вучылі песні пэўнай вёскі, а потым мы ехалі менавіта ў гэтую вёску і спявалі там з бабулямі.

Каб далучыцца, можна напісаць у акаунт @spieu.majsternia. Новы спеўны сезон плануем пачынаць з верасня.

– Ты некалькі разоў узгадвала каляндар і кола года. Што гэта такое?

У нас ёсць кропкі ў календары: вялікія кропачкі – гэта Гуканне вясны, Купалле, Багач і Каляды. Маленькія кропачкі – меньшыя святы. Ёсць песні, якія прызначаны да гэтых святаў. Напрыклад, у Жніво мы спяваем жаночыя жніўныя песні – пра тугу па дзявоцкаму часу, цяжкую жаночую долю. Восенню спяваем больш лірычная і вясельныя. А потым ужо Каляды – там песні абыходныя, накіраваныя на пажаданне гаспадарам дабрабыту і ураджайнасці на наступны год. Ва ўсіх свой вайб, розныя адчуванні. А ў наступным годзе ўсе нанова. Гэтая цыклічнасць вельмі тэрапеўтычная і дае апору.

«З кожным колам гэтыя песні наслайваюцца, і ты быццам сінхранізуешся з прыродай. Гэта суперскі стабілізуе псіхіку»

Дар’я Зуева

– Чаму, на твой погляд, большасць беларускіх спеваў такія трагічныя?

Мне падаецца, што гэта такая самадапамога ў перажыванні болю. Для мяне гэта працуе. Я ўсё жыццё калі сумавала, то заўжды выкрыквала, выігрывала ці выпявала гэты боль. Светлых сюжетаў насамрэч меней, але яны таксама ёсць.

– Як ты абіраеш спевы, акрамя тэмы свята?

Я праслухоўваю іх у дасяжных сродках. Зараз ўжо шмат хто з фалькларыстаў адкрывае свае архівы, а таксама ў сацсетках і на ютубе можна шмат чаго знайсці. Я проста сядаю, ўсё праслухоўваю і адбіраю тыя, якія спадабаліся мне па мелодыі, сюжэту ці настрою. Было і такое, што прывазіла песні з экспедыцыі адразу ў Майстэрню. Бываюць яшчэ добрыя людзі, якія падкідываюць мне нешта годнае.

– Раскажы пра свой досвед экспедыцый па вёсках.

Экспедыцыя – гэта, канешне, не лакшэрі-умовы. Ты едзешь туды як валанцёр. Заўжды гэта якая-небудзь хата, дзе спяць усе. Гэтую хату клічуць «база», і з гэтай базы ты ходзішь па суседніх вёсках.

Тыповы план – прыехаць у веску, знайсці там Дом Культуры, паразмаўляць з кіраўніком і даведацца, хто з бабусь спявае. Калі такіх няма, папросту заходзіш у хаты, знаёмішся з жыхарамі, даведваешся сам.

Аднойчы мы ездзілі так у вёску, якая знаходзіцца ў Расіі, але бабулі там размаўляюць нашай гаворкай. Тады мы начавалі ў нейкай пакінутай школе.

Былі розныя сітуацыі. Калісьці нас гналі па полю нейкія хлопцы з вёскі, па якой мы хадзілі. Ім было вельмі цікава, хто мы такія і што робім. У моманце здавалася, што яны гатовыя нас пабіць. Але кіраўніца нашай экспедыцыі нейк дамовілася з імі і мы ўцяклі.

А бывала інакш. Вілейская экспедыцыя. Сустрэлі мы там бабулю 97 гадоў. Яна амаль нічога не бачыць і не чуе, але яна нам спела гукальную песню. Мелодыі там не было, только хрып, але яна настолькі шчыра гэта рабіла, што мы там равелі ўсе.

– Распавядзі пра праект Brama Mora.

Гэта мой аўтарскі праект, у межах якога я эксперэментую з фолк-спевамі. Акрамя працы над песнямі, ў праекце я спяваю і граю на скрыпцы. Разам са мной спяваюць Наста Шапчыц і Ліза Карзюк, я пазнаёмілася з імі праз Спеўную Майстэрню. На віаланчэлі з намі грае Ганя Тарабас, яна класічная віаланчэлістка, але хутка падхоплівае народныя смыковыя штрыхі.

Але Брама Мора гэта не толькі мы ўчацвярох. У межах гэтага праекту я ўжо выпусціла электронны трэк «Агу, Вясна» – для яго Вінцэнт Янчы рабіў электронную аранжыроўку, таксама сумесна са Спеўнай Майстэрняй выйшла песня «Ля Калодзежа».

Я вельмі далікатна працую з фолк-матэрыялам. Спрабую з павагай падладзіцца пад песню, адчуць, што яна мне прапаноўвае ўжо закладзенай у ёй формай, мелодыяй, тэмпарытмам. Я спрабую актуалізаваць яе праз сваё адчуванне, дадаю інструментальныя партыі і рытм, але заховаю мелодыю, словы, дыалект. Гэта крыху падобна на уладкаванне старой бабулінай хаты.

Нядаўна мне вельмі спадабалася працаваць з Лайтовым. Лёша прапанаваў зрабіць парт для яго трэка «Светлае нефільтраванае» для фестываля sviata fest у Менску ў чэрвені. Для мяне гэта песня сапраўды пра светлае, пра надзею, пра подых свежага паветра. Так я знайшла жніўную песню «Да повей ветро», якая добра адпавядала такому адчуванню, і я проста «ўпісала» яе ў Лёшын трэк. Атрымалася ачмурэнна.

– У апісанні праекта ты часта пішаш пра «свае ўнутранае мора» – што ты маеш на ўвазе?

Гэта пра асабістую глыбіню, у якую я бывае сыходжу, каб аднавіцца. Калі маеш сувязь з сабой і давяраеш сабе, то ты заўжды будзеш у спакоі. Але доўга я там не знаходжуся. Мне падабаецца адчуваць хвалі жыцця, ягоны рух, які прымушае змяняцца і не быць закасцянелым.

– Ты была часткай праекта Ralla. Што, на твой погляд, здарылася, і чаму вы распаліся?

Ад рэдакцыі: У гэтым інтэрв'ю адлюстраваны толькі адзін бок сітуацыі. Нашая рэдакцыя не займае бок, але дае магчымасць гераіні выказаць свой погляд на сітуацыю і яе прычыны.

У нас быў складаны разыход. Мне да гэтага часу балюча пра гэта гаварыць.

Пасля таго, як Алёна пераехала, я доўга жыла з верай у тое, што наш праект жывы і мы будзем працягваць рабіць супольныя выступы і ствараць агульныя песні. Размаўлялі пра гэта з Алёнай, і на словах склалася ўражанне, што так яно і будзе. Але на справе ў яе былі іншыя планы, ў якіх нашаму супольнаму праекту ўжо не было месца.

Мне было вельмі балюча, калі ў інстаграм я пачула, як Алёна выконвае песню, якую мы пачыналі распрацоўваць разам. Я прапанавала ёй паразмаўляць, каб разумець, дзе межы рэпертуару і што плануем далей рабіць з супольным праектам. Але, на жаль, апынулася, што гэта немагчыма: Алёна сказала, што размовы ўсё ускладняюць і сышла ў ігнор на паўгады.

Увесь гэты час мы былі на сувязі толькі па пытаннях запісу песень. Астатняе абмеркаваць з ёй было немагчыма. Атрымалася толькі дамовіцца аб тым, што я магу спяваць песні Раллі на сваіх выступах. Мне было важна, каб песні гучалі, каб людзі маглі іх чуць і спяваць разам, у тым ліку і на канцэртах. Пакуль я перажывала за будучае Раллі, Алена будавала свой новы праект. І толькі пасля таго, як яна апублікавала навіну пра тое, што у іх выйшаў альбом, я зразумела, што Ralla для яе памерла яшчэ год таму.

– Што твае праекты значаць менавіта для цябе?

Я так адчуваю жыццё. Калі я ў праэкце, я блізка да сябе яго ўспрымаю. Гэта мой спосаб жыць, мая рэалізацыя.

БЛІЦ

– Які беларускі спеў ці верш табе больш за ўсё адгукаецца?

«Як пайду я на ўліцу пагуляць» гэта песня з Рычова, з якой ў мяне звязана шмат асабістых думак.

– Парада для тых, хто толькі пачынае свой шлях да беларускіх традыцый.

Ня трэба баяцца – усё не так страшна, як падаецца. Рушыцца наперад. Рабіць, як адчуваеш.

– Каго з беларускай музычнай суполкі паклікала б на фіт?

Зараз Лайтовы. Мару таксама зрабіць аркестровую версію сваіх песень, таму – Lightmyfire Orchestra Service.