Падтрымаць нас

Наш часопіс

Першы глянец пра беларускую музыку. Афармляйце перадзамову.

Перайсці
Magazine cover

«Мы не шукаем нагоды да*бацца, хто «правільны» беларус, а хто – не»

Інтэрв'ю і фотасесія Dlina Volny

«Паказаць сябе – ключавы фактар»

Пра тое, чаго не хапае беларускай музыцы, каб стаць больш прыкметнымі на сусветнай сцэне.

Інтэрв'ю - Dlina Volny - Жнівень 30, 2026

За 10 гадоў сваёй дзейнасці мінскі cold-wave гурт Dlina Volny паспеў падпісаць кантракт з лэйблам Italians Do It Better. На ім, напрыклад, выдаюцца Chromatics і Desire, музыку якіх можна пачуць у культавым фільме «Drive». Яшчэ музыкі з’ездзілі ў тур па Лацінскай Амерыцы разам з Lebanon Hanover і падпісалі publishing-пагадненне з брытанскай TRO Essex Music Group.

КЛІК пагутарыў з музыкамі пра ідэнтычнасць, уплыў архітэктуры на творчасць, барацьбу з ШІ-трэкамі на стрымінгах і пра тое, чаму беларуская музыка – гэта не толькі пра мову.

— Раскажыце пра вашае пагадненне з TRO Essex Music Group.

Маша Зіневіч, вакал: У іх вялізарны каталог артыстаў – ад Дэвіда Боўі да Black Sabbath. Крута апынуцца ў такой кампаніі. Яны папаўняюць каталог новымі імёнамі, ім спадабалася нашае змрочнае электроннае гучанне. Казалі, што нашая музыка адрозніваецца ад іх асноўнага каталога, таму мы выдатна пасуем для розных праектаў.

— Як цяпер складваюцца адносіны з лэйблам? Навошта ён патрэбны артысту сёння?

Маша: Роля лэйбла моцна зменшылася. Усё больш функцый бярэ на сябе каманда артыста. Лэйбл цяпер адказвае ў асноўным за дыстрыбуцыю і паблік-імідж. Узаемадзеянне з лэйблам у 2020-м, калі мы падпісваліся, і цяпер – гэта два розныя тыпы супрацы.

— Сёння ўсё спрашчаецца, і на пост-панк наляпілі вобраз панэльнай хтоні. Як вы ставіцеся да таго, што ўсё звялі да двух-трох шаблонаў?

Маша: З гэтым можна па-рознаму працаваць. Калі вынік прымушае адчуваць не толькі пах старой панэлькі, але і нешта па-над гэтым – гэта цудоўна.

Вад Мікуцкі, бас-гітара: Гэта сфармавалася як пазнавальны брэнд. Ёсць людзі, якім цікавы толькі гэты паверхневы пласт, але ёсць і тыя, хто зробіць крок далей: паглядзяць, што за гурт, што за кірунак, і адкрыюць для сябе значна больш. Так працуюць сучасныя медыя і сацсеткі – гэта лёгказасваяльны і запатрабаваны фармат. У такі час жывем.

— Наколькі цяжэй стала працаваць у эпоху ШІ-слопу і перагрузу інфармацыі?

Вад: На сабе мы негатыўны ўплыў ШІ пакуль не адчулі. У прадакшане ШІ інтэгруецца ў софт: ёсць плагіны, якія робяць руціну лягчэйшай. Сапраўдная творчасць і кампіляцыя ідэй застаюцца за чалавекам. Так, ёсць ШІ-артысты, але пакуль гэта гучыць як джэнерык-кантэнт.

«Заўсёды быў попыт на радыё «Шансон» – ну, адцяпер яго будзе рабіць ШІ, акей»

Вад

Алесь Шышла, клавішныя: Быў адзін выпадак: нейкі хлопец выпусціў пост-панк трэк, згенераваны ШІ, і дадаў некалькіх артыстаў як суаўтараў, у тым ліку нас. Мы да рэлізу дачынення не мелі, але ўсё адно вісім у калабарацыі на стрымінгах.

Вад: Ноўнэймы часта так піярацца: пазначаюць на фітах больш-менш вядомых артыстаў, а пляцоўкі не верыфікуюць склад удзельнікаў. Прыбраць сябе з такіх рэлізаў суперцяжка – дабівацца гэтага мусіць сам артыст.

— Адначасова з колькасцю кантэнту вырас і попыт на аналагавыя носьбіты. Ці адчуваеце вы яго?

Вад: Вініл – гэта база. Цяпер новы віток зацікаўленасці: прайгравальнікі сталі даступнымі. Для артыста гэта магчымасць адчуць сувязь з фанатамі, выпусціць прыгожы дызайн і падпісаць кружэлку пасля канцэрта. Мы заўсёды надаем асаблівую ўвагу дызайну нашага мерчу – ад афармлення ўкладышаў і колеру вінілу да схаваных пасланняў слухачам.

Маша: У Германіі яшчэ вельмі любяць CD. Некалькі гадоў таму ў нас у туры былі толькі вініл і майкі, і слухачы пастаянна пыталіся пра дыскі. Мы зразумелі, што ёсць попыт, і цяпер CD – абавязковая частка мерчу. Касеты таксама купляюць.

Алесь: Праслухоўванне музыкі на фізічных носьбітах дае большае паглыбленне. Ты слухаеш альбом цалкам, а не ўспрымаеш музыку як асобны хіт з алгарытмічнага плэйліста. Лічбавізацыя зводзіць усё да лайкаў і кароткага кантэнту з хукамі, а на носьбітах ты ўспрымаеш запіс як суцэльны твор.

— Раскажыце пра ўнутраную кухню калектыву. Хто за што адказвае ў гурце?

Маша: Аперацыёнку вядзе менеджар. Сацсеткі вядзем самі, рылсы і візуал робім сваімі сіламі. Алесь – дызайнер, таму канцэпт і візуальную частку мы абмяркоўваем разам. У музыцы я адказваю за мелодыі, лірыку і вакал. Вад і Алесь – за прадакшан і інструментал.

— Як даяцё рады з унутраным крытыкам?

Алесь: З часам навучыліся з ім ужывацца. Цяпер ёсць выразнае адчуванне, калі ў песні на этапе дэма ёсць ядро, якое варта развіваць, а ўсё астатняе – адкінуць.

Маша: Прычым такія адкінутыя мелодыі потым пераўтвараліся ў асобныя трэкі. Праз пэўны час мы іх пераацэньвалі, і атрымліваліся класныя рэчы.

Алесь: Падчас працы над апошнім альбомам мы знайшлі старыя дэмкі, якія пераўтварыліся ў нашы любімыя трэкі. Відаць, нейкай музыцы проста патрэбны час.

Вад: Бывае, што ў моманце ты не бачыш, як развіць ідэю, а час дазваляе зірнуць на яе свежым вокам. Так што наша парада: ніколі не выкідвайце дэмкі.

— Ці часта змагаецеся з пракрастынацыяй?

Маша: Я б сказала, бываюць моманты дэматывацыі – пракрастынацыяй я б гэта не назвала. Калі ты дэматываваны, складана сябе выцягнуць, але трэба проста браць і рабіць.

Алесь: Калі мы жылі ў Вільнюсе, студыя была непадалёк, і ў нас была ўстаноўка: кожны вечар мы ідзём працаваць. Не мела значэння, ці былі ідэі і настрой.

— Як сабе дапамагаеце, калі дэматываваныя?

Маша: Дапамагае ўсё абмеркаваць, падзяліцца тым, што турбуе, і сабрацца. Гэта наша самая любімая справа, і ты разумееш: калі нічога не рабіць, нічога і не будзе. Трэба перыядычна сабе пра гэта нагадваць, уставаць і рабіць.

— Ці дэматывуе вас крытыка?

Маша: Мне здаецца, крытыка – гэта класна. Нічога дрэннага ў ёй не бачу, мне нават, наадварот, падабаецца.

Алесь: Гэта індыкатар таго, што ў кагосьці ўзнікла эмоцыя. Нават калі крытыка суперагідная. Мастацтва мусіць выклікаць эмоцыі, інакш гэта кепска.

— Як у вас стаўся тур з Lebanon Hanover?

Маша: Гэта было супер. Нам напісаў букінг-агент у Лацінскай Амерыцы і прапанаваў паехаць з імі. Мы вельмі любім іх музыку, таму адразу пагадзіліся. Мексіканцы прымалі неймаверна – афігенны вопыт на ўсё жыццё.

Агент тлумачыў, што ў мексіканцаў суровае жыццё, таму ім блізкая такая музыка, плюс спрацоўваюць экзотыка і іх культура (культ смерці, Дзень мёртвых). Іх, на першы погляд, бадзёрая музыка выявілася суцэльна складзенай з душараздзіральных гісторый. Для нас гэта была паездка, якая перавярнула свядомасць.

— У чым феномен беларускага пост-панку? Чаму гурты папулярныя на Захадзе, але менш вядомыя дома?

Маша: Добрае пытанне. У турах на канцэрты прыходзяць у асноўным не беларусы. Нас больш за ўсё слухаюць у ЗША, Мексіцы, Германіі, Вялікабрытаніі і Польшчы. Землякам мы заўсёды радыя на канцэртах. Але дома нас ведае не так шмат людзей, і я не зусім разумею, чаму. Магчыма, у аўдыторыі ўнутры краіны цяпер большы запыт на беларускамоўную музыку.

Вад: Магчыма, для нас такое гучанне звыклае: мы выраслі на ўмоўным гурце Кино, нам усё зразумела. Для Захаду гэта элемент экзотыкі.

— Часцяком гучыць тэзіс: беларуская музыка мусіць быць на беларускай, інакш гэта не беларуская музыка. Што вы адкажаце?

Вад: Усё проста: беларуская музыка – гэта музыка, якую зрабілі беларусы. У нас іншы пункт гледжання, і ён больш аб'яднальны, моцны і, калі хочаце, больш беларускі. Мы не шукаем нагоды да*бацца, хто «правільны» беларус, а хто не. Цяпер не тыя часы – трэба, наадварот, шукаць кропкі судакранання. Мы з Мінска, мы беларусы – гэта частка нашай ідэнтычнасці і гісторыі. Гэта ў нас зашыта, і гэтага ніхто не забярэ.

«Не пагрукаешся – не адчыняць»

Маша

Маша: Дэкарацыі, у якіх мы выраслі, – паўразбураныя будынкі, не самыя прыгожыя пейзажы — уся гэтая атмасфера зашытая ў нашую музыку. Такі элемент ёсць ва ўсіх беларускіх музыкаў, і менавіта ён вылучае нас на сусветнай сцэне. У нейкі момант мы пачалі бачыць у гэтым прыгажосць: мы зноў звярнулі ўвагу на гэтую архітэктуру ў Варшаве і паўсюль, дзе ездзім. Гэты рамантызаваны бруталізм добра адчуваецца ў новым альбоме.

— Чаго не хапае беларускай музыцы, каб стаць больш заўважнай на сусветнай сцэне?

Вад: Не хапае лакальнай індустрыі і «дому» – базы, дзе яна магла б спакойна вырасці. Выхад на сусветны рынак – гэта наступны этап, а без хатняй сцэны прабівацца вельмі цяжка.

Алесь: У мяне іншы тэйк: музыку трэба вывозіць і паказваць. Літоўская індустрыя працуе выдатна, але за межамі краіны літоўскіх музыкаў амаль не ведаюць, бо яны рэдка гастралююць звонку. Паказваць сябе – ключавы фактар.

— Наколькі музыкам дапамагаюць шоўкейсы?

Маша: Шоўкейс працуе, толькі калі ў цябе загадзя запланаваныя сустрэчы. Ехаць проста так, без плана – так сабе ідэя. Як казала мая бабуля: «Не пагрукаешся – не адчыняць».

Алесь: У нас адзін кантакт з шоўкейса спрацаваў толькі праз тры гады, але прывёў адразу на два фестывалі. Галоўная парада артыстам – не баяцца пісаць арганізатарам і шукаць выхады наўпрост. Гэта рэальна працуе.